«АРХІ́Ў ДО́МУ РАДЗІВІ́ЛАЎ»
(«Archiwum domu Radziwiłłów»),
зборнік гістарычных дакументаў, што захоўваліся ў канцы 19 ст. ў нясвіжскім архіве Радзівілаў. Выдадзены ў 1885 у Кракаве. Складаецца з 3 комплексаў перапіскі за 1571—1633 на лац. і польскай мовах: сямейная і прыватная карэспандэнцыя М.К.Радзівіла Сіроткі; перапіска канцлера ВКЛ, гетмана вял. кароннага Я.Замойскага і канцлера ВКЛ, гетмана вял. літ. Л.Сапегі з Радзівіламі. Зборнік асвятляе ўнутр. і знешнюю палітыку кіруючых колаў ВКЛ, дае звесткі пра Люблінскую унію 1569, Інфлянцкую вайну 1558—82, рокаш Зебжыдоўскага, Брэсцкую унію 1596, рэфармацыю на Беларусі і ў Літве, падрыхтоўку Статута ВКЛ 1588, паўстанне С.Налівайкі 1595—96. Змешчаны «Адманіторыум» (1603) — маральна-павучальнае і гасп.-дзелавое настаўленне спадкаемцам Радзівіла Сіроткі.
Г.Я.Галенчанка.
т. 1, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)